Сірацінка
Настройка шрифта
У кашульцы чорнай, зрэбнай.
Тварык сплаканы, мурзаты;
Ані бацькі, ані маткі;
Дзядзька выгнаў з роднай хаты.
На узмежку сядзіць, плача,—
Куды дзецца — знаць не знае;
Гадок шосты пайшоў толькі...
А тут ночка... страх... змяркае...
Не плач горка, сірацінка,
Беларуская дзяўчынка!
Спяць сном вечным бацька, матка,—
Не пачуюць ця, дзіцятка,
Не памогуць твайму плачу,
Не траць сілы дарагія:
Жыта сіва спаць ця прыме,
Дожджык цёплы шчочкі змые,
Пасцель мякку трава ўсцеле,
Пырнік ножкі ўкрые босы;
Сном забудзешся спакойным,
Вецер вольны спляце косы.
Каласочак ця накорміць,
Сонка яснае прыгорніць,
Крыж расстайны будзе таткай,
Ралля чорна — роднай маткай.
Ўстань з узмежка, не плач горка,
Глянь у неба: зорка ясна,
Што найдалей свеціць міла,—
Твая гэта, твая ўласна.
Вер: не згінеш, сірацінка,
Беларуская дзяўчынка!
Ў нашым краю многа гэтак
Ў людзі выйшла сірат-дзетак...
Мы належым да народу,
Што ад свету да заходу
Кожны з гора ўтрое гнецца,
Аднак гору не даецца.
Крыжам ляжа ў крыві ўласнай,
А ўсё ж верыць зорцы яснай.
Наш народ наўздзіў трывалы!
Шмат прыдбаў чужынцам славы...
Аб сабе адно забыўся,
Толькі вось цяпер збудзіўся.
Хоць шмат латак, хоць без хлеба —
Жыць і крэпнуць і нам трэба.
Беларусы! Больш нікому
Не ўступайце вы загону
Свайго жніва, сваёй працы.
Сіраціна! страх дзіцячы
Зглушы ў сэрцы, расці жвава —
Цябе жджэ народна справа!
Лира, поэтический портал · https://lira-poetry.ru/biblioteka/stihi/aloiza-pashkevich/siratsinka/
Есть видео или песня на эти стихи? Добавьте ссылку
Войдите, чтобы добавить ссылку на видео или песню.
- Лайки: 0
- Просмотры: 1
- Комментарии: 0
- 0 Войдите, чтобы добавить в избранное
Комментарии
Комментариев пока нет. Будьте первым.