Лета
Настройка шрифта
Ніва шуміць каласамі
Жыта спелага, аўса;
Ўся прыбрана васількамі,
Як дзяўчына да вянца.
Вецярок па ёй гуляе,
Клоніць колас да зямлі,
Сонца зерне налівае,
Бусл клякоча на гумні.
Гаспадар бяжыць з касою
На зялёну сенажаць,
Спяшыць выкасіць з расою,
Смаглей, гладчэй траву сцяць.
Бабы мыюць, хусты рубяць,
Ш'юць сарочкі, хвартухі.
Чутна — ў лесе недзе трубяць,
Сочаць гнёзды пастухі.
Дзеці ў пасецы збіраюць
Да кузёмак пазямкі,
А ў грыбах дзяўкі гукаюць:
«Сюды, хлопцы, дзецюкі!»
Настаў дзень, прыціхлі хаты,
Вёска стала, як у сне,
Хіба толькі кот лахматы
Дзе на прыпечку зяўне,
Або дзед сталетні з печы
Ракам лезе вады спіць.
Горб ад працы сеў на плечы,
Вочы слабы. Цяжка жыць!
Калісь дзед быў малайчынай,
Спрытным хлопцам ў вёсцы слыў.
Першы ў танец йшоў з дзяўчынай,
Мёд, гарэлку бойка піў.
А цяпер — трасуцца рукі,
Галавы не утрымаць.
«На печ, дзеду! — крычаць ўнукі,—
Пара табе уміраць!»
А згляні на нашу вёску:
Ўвесь палетак аж гарыць!
Так, як пчолы ў жоўтым воску,
Як алтар, так зіхаціць!
Як бы з стужак, як бы з кветак
Дыван пекны ткач саткаў,
Як бы з руты ды нагнетак
Букет велькі май уклаў.
То ў дэсэні, то у клеткі,
Ў жывых фарбах б'ецца ён.
Ну! Не людзі! Дальбу, кветкі!
Іх лісточкі даюць звон.
Хіба ж гэта не ў палетак
Якім чарам я папаў,
А ў гародчык з рожных кветак,
Дзе артыста засяваў.
І мо гэта не дзяўчыны
Гудуць летам над снапом,
А каліны ды маліны
Цягнуць ручкі за хмялём.
Бачу я: ідзе ігрышча,
Там вяселля шчыры смех,
Чую скрыпку, дудка свішча,
Ў флейту дуюць, як у мех.
Льецца песня, бягуць тоны,
Аж душу на часці рве.
Ў барабаны б'юць, у звоны,
Вецер ў губы сабе дзьме.
Дрыжыць колас, серп аж пеніць,
Сыпле іскры з-пад зубоў.
Перавёсла рукі шчэміць,
Сноп ісці скакаць гатоў.
Вот ігрышча, так ігрышча!
Нат і копы пайшлі ў тан.
Ім у тахту пожня свішча,
Падцінае барабан.
Неба, гледзячы, з'яснела,
Морам чыстым разлілось,
Так, як люстра, пасінела,
З слонкам ясным абнялось.
Лес махае галавою;
Дуб, нахмурыўшыся, спіць;
Вольха шэпча з лешчыною,
Беразняк кусты смяшыць.
Мухаморы, як жаўнеры,
Ля дарогі сталі ў рад,
Гараць жарам іх каўнеры,
Шапкі блішчаць так, як гад.
Баравік — грыб над грыбамі —
Аб пень спёрся, злы стаіць,
Робіць суд ён над братамі,
Годзіць, просіць згодна жыць.
Суравежкі з казлякамі
Вядуць сварбу ў добры лад.
З страху рыжык з маслякамі
Ў мох зашыцца быў бы рад.
Птушак шчогат ўсюды млее,
Па лісточках ўверх бяжыць,
То стужэе, то слабее,
То на голлях заскрыпіць.
Мушу ўзяцца да работы,
Мушу мець мазоль на знак,
Мушу ліць і я так поты,
Каб прызналі, што радак.
Дайце, жнейкі, серп займісты,
Дайце гострую касу,
Змяту з нівы хлеб зярністы,
З травы белую расу.
Дайце хусту мне пікову,
Кіньце беленькі хвартух,
Зраблю фарбу я цянёву,
Вас змалюю ў адзін дух.
Толькі шкода — фарб замала,
Трудна будзе рысаваць.
Няма ж такой, каб блішчала,
Няма ж пэндзля дзе дастаць,
Што маршчынкай на паўціне
Ценем лёгкім след вядзе,
Адным змахам па хусціне
Твар адбіў бы, як ў вадзе.
Зраблю квачык з мархавення,
З розных ягад фарб націсну,
З грудзей вырву сноп пламення,
Жывой крові каплю пырсну —
І спрабую, мо змалюю
Нашу Касю, мо счарую,
Вочы - - неба, броў — чарненька,
Гараць шчокі, з губ — маліны...
А мая жа ж ты міленька!
Не спаткаў такой дзяўчыны,
З такім жарам, з такім спрытам.
А галоўка, як бы жытам,
Як пшаніца каласамі,
Залаціцца над грудзямі.
Доўгі косы вянком ўюцца,
Зубы белыя смяюцца.
Стан танюткі, як былінка,
Ну і Кася, ну дзяцінка!
Як царэўна, як багіня!
Як нарцыса, як вяргіня!
Як лілея на Дунаю,
Як пралеска сярод гаю,
Цвіце Кася на ўсю вёску
Зоркай яснай. Каб хоць крошку,
Каб якіх яшчэ дзве хварбы,
А то скупа, мала барвы.
Мархавенне ў руках мнецца,
Квачык мой на часці рвецца,
Сіл не стане гэткім летам
Змаляваці. Пайду светам,
Мо больш хварбаў там націсну,
Мо ў артысты пэндзаль свісну.
Вось тагды-то я спрабую,—
Ўсіх, суседзі, вас змалюю!
Лира, поэтический портал · https://lira-poetry.ru/biblioteka/stihi/aloiza-pashkevich/leta/
Есть видео или песня на эти стихи? Добавьте ссылку
Войдите, чтобы добавить ссылку на видео или песню.
- Лайки: 0
- Просмотры: 1
- Комментарии: 0
- 0 Войдите, чтобы добавить в избранное
Комментарии
Комментариев пока нет. Будьте первым.