Мужыцкая доля
Цяжка жыць, трудзіцца,
Калі няма долі,
Жыта не радзіцца
На мужыцкім полі.
З капы умалоту
Не болей асміны,
І еш за работу
Чорны хлеб з мякіны.
Прыйдзе восень,— трэба
Заплаціць падаткі,
А тут няма хлеба
І грошы няхваткі.
І жыві, як знаеш,
З бяды выручайся —
Калі сілу маеш,
Долі дажыдайся.
Гдзе ж ты, мая доля,
Гдзе ж ты захавалась,
Без цябе няволя
І бяда засталась.
На руках мазолі,
Дзень і ноч труджуся,
Не маючы долі,
Бедным спаць лажуся.
А устаўшы рана,
Вазьму касу ў рукі
І іду да пана
Касіць яго лукі.
І за сорак грошы
Дзень касой махаю.
Кажуць — пан харошы —
Далібог, не знаю!
Аканома знаю —
Ды і як не знаці,
Штодзень спатыкаю
Тут на сенажаці.
Штодзень слухаць трэба,
Як ён лаець брыдка;
Не пражыць без хлеба,
Цярпі, мой Мікітка.
Цярплю, сцяўшы зубы,
І касой махаю,
Сонца сушыць губы,
З смагі паміраю.
А дамоў вярнуся —
Гдзе ж тут аддыхаці —
І ізноў бяруся
Касу пакляпаці,
Каб назаўтра рана,
З гостраю касою,
Сенажаць у пана
Выкасіць з расою.
Гдзе ж ты, мая доля,
Гдзе ты, адгукніся!