Родная вёска
Вёска мая, чараўніца,
Што сэрца ўкрала?
А мо Вілля-балаўніца
Хваляй захлястала?
Мо дубровы захапілі
Біццё ў маім сэрцы?
Мо суседзі наварылі
Любчыку ў манерцы?
Бо куды я ні звярнуся,
Куды я ні гляну,
З табой, вёсачка, спаткнуся,
Цябе успамяну.
Еду морам — ўсё здаецца,
Што плыву Віллёю;
І ў Сібіры сэрца б'ецца,
Край мой, за табою.