На магіле
На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнім губам
Аб іх долі, аб свабодзе,
Стану песняй у народзе!
Пастух дудку з мяне скруціць,
Як заграе, кроў замуціць,
Як засвішча, кожны стане:
«Што за гранне, што за гранне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песні ў нашым людзе!»
Востры зубы, як бы з пілы,
Колюць, рэжуць, цягнуць жылы,
Смаляць, паляць, пякуць, студзяць,
Старых, малых са сна будзяць.
Як на вуглях кожны стане:
«Што за гранне, што за гранне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песні ў нашым людзе!»
Ліст дубовы пад хлеб сцелюць,
Жолудзь яго ў жорнах мелюць.
А дзе з дуба хоць пылінка,—
Грудзь трасецца, як асінка;
А дзе толькі дудка свішча,—
Людзі бягуць, як на йгрышча,
Як на дзіва кожны стане:
«Што за гранне, што за гранне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песні ў нашым людзе!»