Нашых дзедоў душылі абшары лясоў
Нашых дзедоў душылі абшары лясоў,
Не давалі ім жыці праўдзівым жыцьцём,
І яны тые пушчы звадзілі агнём,
Іх кругом падпаліўшы з далёкіх канцоў.
І пылалі па нашаму краю лясы,
Покуль сонцэ здалело ўсё ў ім асьвяціць:
І сьвятлей і прасторней тады стала жыць
А на попелі буйна ўзрасьлі каласы.
З гэтых дзедоў суворых прыклад нам бы ўзяць, -
Не хіліцца з бяды, не пужацца агня,
Бо мы толькі тады дачэкаемо дня,
Калі нас не здалее змаганьне злякаць.