Вясковым кабетам
Ой, сястронкі, ой, вясковы,
Ой вы, кветкі прызавяты!
Вашы твары, як васковы,
Вашы шчокі слязьмі змяты...
Як каліну град страсае,
Як пярун каменне крышыць,
Так лёс рана вас ламае,
Так жыццё красу вам нішчыць.
Сколькі болю ў вачох хмурных,
Сколькі скаргі з губ збялелых,
Сколькі срэбра ў косах густых,
Сколькі поту з рук абмлелых!..
А за гэта вам дзве дошкі
І крыж з хвоек ледзьве збіты,
І у памяць плачуць дочкі,
Бо й яны, як вы, забіты.
Ой, кабеты, ой, вясковы,
Ой вы, кветкі прызавяты!
Ой, лілейкі вы без мовы,
Ой вы, птушкі бескрылаты!..