На чужой старонцы
Маркотна мне. Чужы я людзям.
Цесна душы. Цесна грудзям.
Бягу думкай ў край далёкі,
У лес цёмны, ў лес высокі,
Ў сваю вёску, ў сваю ніўку.
Бачу выган, бачу Сіўку;
Вунь кароўкі бягуць з поля...
Ой, да хаткі! Кінь мне, доля,
Хоць расінку з нашай вёскі,
Хоць былінку, хоць дзве крошкі
Ад палудня майго брата,
Ой, як люба родна хата!
Ой, як мілы родны край!
Паляцеў бы, як у рай!
Раднюсенька мне сярмяжка,
Шнурок, лапці, каптан, дзяжка...
Ўсё там міла, бо мне родна,
Нат смяцінка сэрцу годна.