Ясьне Вяльможнай Пані Арэшчысе
Гдзе-ж нам парывацца —
З мудрымі раўняцца:
Чэсьць аддаць Аўторцы
У простай гаворцы!
Не, ня чэсьць, то мала —
Славу сваім трудам
Сама Ты зьеднала!…
Ты — з пальмай прад людам
Шмат ксенжак пісалі,
Не аб нашым браце:
Лепш чужых пазналі,
Як у сваей хаце:
А нас подлых кмеці,
Міналі з далека
І хавалі дзеці
Ад нашаго вока.
А Ты, пані, сьмела
Заглянула ў хату,
Усё зразумела
І нашаму брату
Працягнула руку
І сэрцам балела,
Глядзеўшы на муку.
І пяром умела
Выліць смутак гэты, —
Што аж душа рвецца,
Што плачуць кабеты;
Не знаюць гдзе дзецца!
Чым жэ мы аддзячым
Што-ж мы напрыносім?
Хіба што заплачым,
Ды Бога папросім:
Прымі-ж нашу дзяку
У малітве, ў сьлезцы,
Прымі як азнаку
Тваей славы ў весцы.
(Мацей Бурачок.)