Музыкант беларускі
Зайграю на дудцы,
Вытну на гармоні,
Заплачу на скрыпцы
Аб мужыцкай долі.
Надта ж ужо цяжка,
Душа з гора рвецца,
Слёзы так і льюцца,
Сэрца з болю б'ецца.
Ну іграй жа, скрыпка,
Хай ляціць там песня,
Або свет пачуе,
Або душа трэсне,
Скрыпка хутка плача —
Аж лес лемантуе,
Толькі яе ноты
Сыты не пачуе,
Хаця ж і пачуе —
Музыканта злае:
«Глядзі, ён, хамула,
Аб роўнасці бае».
Ды так сыпну смыкам,
Як агнём па струнах,
Што ад майго грання
Людзі енкнуць ў трунах.
Ну, дык плач жа, скрыпка,
Мо паны пачуюць,
Як хамы без хлеба,
Без страхі начуюць.
І зацяў музыка
Смыкам ды па струнах —
Пташкі задрыжэлі,
Пчолы сціхлі ў вуллях.
Музыкант галосіць,
Скрыпка не махлюе,
Хутка «хамску» песню
Ўсенек свет пачуе.