Гаданне
Загадай, зязюля, закукуй аб шчасці,
Варажы аб долі запрапаўшай Насці:
Дзе вянок руцяны, дзе сынок ядыны,
Дзе краса падзелась з лічыка дзяўчыны?
Чаму у аковах Насці тонкі рукі?
Чаму твар скасіўся ад страшэннай мукі?
На грудзях запаўшых вузялок з зямлёю —
Ўсё, што з вёскі Насця вынесла з сабою.
У халодных мурах бела вяне цела;
Насця ўдвое гнецца, за год пасівела.
Замест вочак сініх — поўны слёз дзве раны;
Тварык без румянца, як папар зараны...
Ну, гадай, зязюля! Закукуй аб шчасці,
Варажы аб долі нашай беднай Насці!
...Зашумела птушка, седзячы ў вярбіне:
Знаць, што шчыра хоча варажыць дзяўчыне...