Мужык не змяніўся
Дзевятнасце сотняў,
Як Езус радзіўся,
І за гэту пору
Мужык не змяніўся.
Пайшлі горы долам,
А далы гарамі,
Перасохлі моры
І сталі палямі.
А на гэтых полях
Камень пакрышыўся.
І за гэту пору
Мужык не змяніўся.
Знайшлі нову землю.
Порах раздабылі.
Сталі папер ткаці,
Літар насадзілі.
Нарабілі кніжак,
Людзям паказалі,
Ад «хамулы» вока
Толькі ключ схавалі.
Напісаў Капернік,
Што свет закруціўся.
І за гэту пору
Мужык не змяніўся.
Ах! Застаўся цёмны,
Як той лес зялёны,
Застаўся «хамула»,
Ўсімі прыцяснёны.
Людзі папсавалі
Свае душы, сэрцы,
Толькі «хам» застаўся
У чыстай спанцэрцы.
І бог з неба глянуў,
Глянуў, здзіваваўся,
Што за гэту пору
Мужык не змяняўся.
—- Ну! ты,— кажа,— сынку,
Прасі, што патрэба,
Усім адарую,
Усё пашлю з неба.
Я хачу, каб, сынку,
Ты больш не мучыўся,
Каб ты быў свабодны,
З горам разлучыўся.
—- «О, дай ты мне, божа,
Хаця нову хату,
Дай кабылу сіву
І жонку багату.
Дай кароўку з целем,
Свінку, курэй колькі,
Дай жыта, мы змелем,
І годзе, і толькі.
А за гэта дзякуй!
Буду сабе панам,
Разлучуся з горам
На век вякоў. Аман».